«СОВЕ́ТСКАЯ ПРА́ВДА»,
грамадска-палітычная газета Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Выходзіла з 1(14).12.1917 да 6.3.1918 у Мінску (53 нумары) і Смаленску (9 нумароў) на рус. мове штодзённа. Рэдактар А.А.Белазёраў, з 27.1(9.2).1918 — К.І.Ландар. Асвятляла мясц. жыццё, асн. міжнар. падзеі. Друкавала дэкрэты і распараджэнні цэнтр. і мясц. ўрада, загады Вярх. і зах.-франтавога камандавання, начальнікаў Мінскага гарнізона, міліцыі, справаздачы пленумаў Аблвыкамзаха, рэзалюцыі, паведамленні аб ходзе сац. перабудовы ў Мінскай і Віленскай губ. Змяшчала аб’явы ўладных структур, грамадска-паліт. арг-цый левага кірунку, прыватных асоб. Публікавала фельетоны Г.Ф.Усцінава, вершы Дз.Беднага і інш. Крытыкавала эсэраўскія, меншавіцкія і інш. выданні дэмакр. кірунку. Выступіла супраць арганізатараў і ўдзельнікаў Усебел. з’езда, кіраўнікоў Цэнтр. бел. вайсковай рады і Вял. бел. рады, праводзіла агітацыю супраць узбр. выступлення 1-га Польскага корпуса. 19.2.1918 у сувязі з наступленнем на Мінск часцей Ю.Доўбар-Мусніцкага эвакуіравана ў Смаленск.
М.Я.Сяменчык.
т. 15, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)